Я паслухаў маткі і пачаў упакоўваць свой гардэроб. За 15 гадоў бадзяння па свеце шмат чаго сабралася ў мяне.
Дзве хутры, адна лісіная, другая ваўчыная, дзве бекешы, шынелька вельмі пралетарскага крою, прастрэленая ў некалькіх мясцох; пахаджэнне гэтых дзірак я добра ведаў і ўсім гаварыў, што кулі белагвардзейскай сволачы прастрэлілі яе на дзянікінскім фронце. Было яшчэ паліто даімперыялістычнай эпохі, куртатае і цеснае для маёй асобы. Іншы раз я апранаўся ў яго, і, як заўважыла мне тэлефаністка адна, паліто смешна выпучвала мае заднія формы. Шмат было ў мяне і нагавіц: галіфэ розных колераў і фасонаў, рэйтузы, клёшы, спрынджыкі (апошні крык амерыканскай моды), шаравары і нават беларускія споднікі з «сеслам» для эфектных выступленняў у спектаклях.
Увесь мой гардэроб і апісаць нельга. Бацька называў усе мае рэчы «прычындаламі» і часта гаварыў маёй матцы:
— Тысячы паўтары можна было б скалаціць за гэта прычындалле! Але што ты зробіш сыну, калі ён носіцца з цацкамі ды хварэе на пана? А можна было б паправіць гаспадарку!
Уся вопратка ляжала ў кучы і была перасыпана нафталінам.
Социальные закладки